gerb
EN RU BY
Публикации о нас

 

УП "Белрыба": баланс цаны і якасці

Унітарнае прадпрыемства "Белрыба"-- адзін з буйнейшых у Беларусі вытворцаў рыбных далікатэсаў і прэсерваў, імпарцёр марожанай рыбы і морапрадуктаў -- папоўніла гэтай вясной скарбонку ганаровых узнагарод. У чарговы раз "Белрыба" пацвердзіла сваё імкненне забяспечваць даступную якасць.

Сакавік прынёс перамогу адразу ў трох намінацыях на конкурсе "ГУСТ-2010". У намінацыі "Паўфабрыкаты з рыбы" узнагароджаныя "Стэйкі скумбрыі для грылю ў марынадзе "Далікатэсны" і "Стэйкі карпа для барбекю ў марынадзе "Паляўнічы". У намінацыі "Рыба гарачага вэнджання" узнагароды ўдастоены вугор буйны патрошаны. Дыплом пераможцы атрымаў і новы від прадукцыі -- выраб з марской капусты "Ікра арыгінальная".

На пачатку красавіка "Белрыба" узяла ўдзел у Міжнароднай выставе "Інтэрфуд-2010", якая праходзіла ў Санкт-Пецярбурзе. На агляд-конкурс "Лепшая харчовая прадукцыя", арганізаваны ў межах выставы, прадпрыемства прадставіла тры віды ікры з марской капусты -- "Ікру арыгінальнаю", "Ікру сталічную" і "Ікру пікантную". Уся конкурсная прадукцыя, дарэчы, была абязлічаная, ёй прызначаўся толькі рэгістрацыйны нумар. Так што ў справядлівасці вынікаў можна сапраўды не сумнявацца. Кампетэнтнае журы конкурсу высока ацаніла склад, смак і знешні выгляд беларускага прадукту, што пацвярджае Залаты медаль і дыплом у намінацыі "Баланс цаны і якасці".

Рыбныя стэйкі "Белрыба" пачала выпускаць яшчэ летась, і многія айчынныя спажыўцы паспелі ўжо ацаніць шэраг "плюсаў" навінкі. У кампактным пластыкавым вядзёрку мы атрымліваем 1 кг пікантных, сочных рыбных кавалачкаў, якія не трэба ні чысціць, ні саліць. Марынад для стэйкаў гатуецца са спецый, якія цудоўна ўзбагачаюць смак рыбы. Дадаюцца базілік, тым’ян, размарын, лімон, цыбуля, часнок, папрыка, перац. На першы раз можна прыгатаваць толькі пару кавалачкаў, а астатняе захоўваць у маразільнай камеры яшчэ на працягу месяца... Змяшчаем адкладзеныя кавалкі рыбы ў мікрахвалевую печ літаральна на 5 хвілін і... гатова! Пасыпаем зяленівам, падаем на стол. Смачна, карысна, прыгожа, даступна і на любы густ. Дарэчы, пералік стэйкаў з ласося, фарэлі, гарбушы і скумбрыі не так даўно папоўніўся айчынным карпам!

Вышэйпамянёны вугор -- таксама тутэйшы, вырашчаны ў беларускіх рыбных гаспадарках. Як паказала жыццё, вугра гарачага вэнджання надта любяць нашы суседзі расіяне, якія прыязджаюць адпачываць на Нарач. "Белрыба" рада дагадзіць гарантаванай якасцю як беларусам, так і гасцям краіны.    

Ікра з марской капусты -- цалкам і поўнасцю знаходка прадпрыемства. Гэты выраб не мае аналагаў ні на беларускім, ні на расійскім рынках. Смажаная цыбулька, морква, баклажан і спецыі своеасаблівым чынам абнаўляюць смак незвычайнай ікры, у аснове якой -- акуратна здробненая марская капустка.

Эксклюзіўным зрабіла прадпрыемства і такі новы для сябе від прадукцыі як фаршмак. Іншыя вытворцы, як вядома, пракручваюць селядцы у фарш, а на "Белрыбе" -- рубяць на дробныя кавалачкі. Дапаўняюць іх прыправамі і атрымліваюць "Фаршмак з духмянымі травамі", дадаюць залацістую цыбульку і грыбочкі -- вось вам і "Фаршмак з грыбамі і цыбуляй". Фаршмакі "Арыгінальны", "Сталічны" і "Мінскі" вылучаюцца дадатковым інгрэдыентам -- дабаўкай эксклюзіўных гатункаў чырвонай рыбы. Такія вырабы цудоўна падыходзяць не толькі для бутэрбродаў, але і для салаты пад шубай. 

Прадукцыя УП "Белрыба" адпавядае патрабаванням пакупнікоў, якія не толькі цэняць свой час, але і сочаць за здароўем. Рыба, як вядома, -- крыніца пратэінаў, поліненасычаных тлустых кіслот, вітамінаў і мінералаў. Шэраг вітамінаў і мікраэлементаў утрымлівае і марская капуста. Нездарма дары мора лічацца складовай часткай здаровага, правільнага харчавання дарослых і дзяцей. Спецыяльна для дзяцей "Белрыба" выпускае і пастаўляе ў дашкольныя навучальныя ўстановы дыетычную марскую капусту.

-- Па сваім кошце вышэйпамянёная прадукцыя трапляе ў лінейку эканом-класа, што азначае даступнасць для ўсіх слаёў насельніцтва, -- тлумачыць начальнік аддзела маркетынгу УП "Белрыба" Ірына КРУК. -- Прадпрыемства прапануе свежамарожаную рыбную прадукцыю, рыбапрадукцыю салёную, вэнджаную, сушаную, марскую капусту, кансервы і прэсервы, далікатэсы з рыбы і морапрадуктаў, рыбную кулінарыю і прадукты сурымі. Для кантролю якасці ўсёй гэтай прадукцыі ў нас створана спецыяльная лабараторыя. Рэгулярна ў розных гандлёвых кропках нашы спецыялісты арганізуюць дэгустацыі новых відаў прадукцыі. Такім чынам мы непасрэдна размаўляем з нашымі спажыўцамі, бачым іх рэакцыю, улічваем іх пажаданні...

Сярод кліентаў Дзяржаўнага гандлёвага вытворчага ўнітарнага прадпрыемства "Белрыба" -- звыш 2,6 тысяч прадпрыемстваў аптовага і рознічнага гандлю, грамадскага харчавання і перапрацоўчай галіны, індывідуальныя прадпрымальнікі. Гандлёвая сетка прадстаўлена чатырма спецыялізаванымі магазінамі ў Мінску, а таксама на Камароўскім рынку, секцыямі ў буйных магазінах сталіцы. Фірменныя магазіны працуюць у Жодзіна, Слуцку і Салігорску. Філіялы і прадстаўніцтвы ёсць ва ўсіх буйных гарадах.  

Святлана БАРЫСЕНКА.