gerb
EN RU BY
Публикации о нас

Открылся новый фирменный магазин в Жодино. 

 

У адным з ажыўленых мікрараёнаў Жодзіна ва ўрачыстай абстаноўцы быў адкрыты фірменны магазін дзяржаўнага гандлёва-прамысловага унітарнага прадпрыемства “Белрыба” Кіраўніцтва справамі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь.

Пасля таго як намеснік кіраўніка спраў Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь Эдвард Матуліс разам з першым намеснікам старшыні Жодзінскага гарвыканкома Юрыем Шарыем перарэзалі сімвалічную чырвоную стужку, гандлёвая зала магазіна плошчай каля ста квадратных метраў была адразу запоўнена шматлікімі пакупнікамі прыемна здзіўленымі шырокім асартыментам рыбы і морапрадуктаў, іншых харчовых тавараў. Прычым каля 80 працэнтаў асартыменту фірменнага магазіна складаюць тавары беларускіх вытворцаў. Акрамя прадукцыі “Белрыбы”, пакупнікі маюць магчымасць набыць тут таксама мясныя і каўбасныя вырабы, крупы, макарону, малочныя прадукты, і іншыя тавары паўсядзённага попыту.

А тэхнолагі “Белрыбы” прапанавалі наведвальнікам прадэгуставаць эксклюзіўныя новыя віды рыбнай прадукцыі ўласнай вытворчасці — шашлыкі са скумбрыі, фарэлі і гарбушы, кальмараў і гарбушу ў жэле з журавінамі і лімонам, філе селядца і кількі, тры віды фаршмакаў…

Як паведаміў генеральны дырэктар “Белрыбы” Генадзь Скітаў, гэта ўжо адзінаццаты фірменны магазін унітарнага прадпрыемства. У сталічнай вобласці падобны магазін працуе ў Слуцку і два павільёны — у Салігорску, а да канца бягучага года павінен адкрыцца яшчэ адзін магазін у Барысаве.

                           

Генеральны дырэктар дзяржаўнага гандлёва-прамысловага унітарнага прадпрыемства “Белрыба” Генадзь Віктаравіч СКІТАЎ знаёміць з прадстаўленай для продажу прадукцыяй намесніка кіраўніка спраў Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь Эдварда МАТУЛІСА.

У Жодзіне прадпрыемства ўзяло ў арэнду на памяшканне былога прыватнага магазіна агульнай плошчай больш як 160 квадратных метраў, якое пасля еўрарамонту набыло прывабны выгляд як унутры, так і звонку і адпавядае ўсім санітарным нормам. Аддзелка выканана ў фірменным стылі “Белрыбы” — матэрыяламі і фарбамі бірузовага колеру — колеру марской хвалі. Устаноўлена сучаснае гандлёвае абсталяванне — вітрыны, стэлажы, барэткі, халадзільныя камеры з нізкім і сярэднім тэмпературным рэжымам, высокаэфектыўныя сістэмы вентыляцыі і кандыцыяніравання. Ёсць умяшчальнае складское памяшканне. Магазін будзе працаваць з 9 гадзін раніцы да 21.00 вечара без выхадных і перапынкаў на абед. У яго штаце — 11 работнікаў, у ліку якіх 6 прадаўцоў.

— Праз свой фірменны гандаль мы прадаём каля 17 працэнтаў агульнага аб’ёму рэалізоўваемай прадукцыі, які дасягае чатырох тысяч тон рыбы і морапрадуктаў у месяц, — зазначае Генадзь Віктаравіч. — Ажыццяўляючы паэтапную карэнную мадэрнізацыю Браслаўскага кансервавага завода, мы здолелі сёлета павялічыць гадавы выпуск кансерваў з 400 тысяч умоўных бляшанак да 2 мільёнаў. І калі ў мінулым пастаўлялі на айчынны рынак каля 18 працэнтаў агульнага аб’ёму рэалізоўваемых рыбных кансерваў, дык сёлета наша доля перавысіла 40 працэнтаў. А ў наступным годзе плануем павялічыць выпуск да 4—4,5 мільёна бляшанак і тым самым забяспечыць патрэбы айчыннага рынку не менш чым на 90 працэнтаў. На набыццё новага высокатэхналагічнага абсталявання і мадэрнізацыю вытворчасці са стабілізацыйнага фонду Кіраўніцтва справамі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь на гэты год нам выдзелена 6 мільярдаў рублёў, а на наступны запланавана выдаткаваць яшчэ каля 10 мільярдаў. Ад такіх значных фінансавых уліванняў чакаецца і адпаведная аддача.

Высока ацаніў работу калектыву “Белрыбы” намеснік кіраўніка спраў Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь Эдвард Матуліс.

— Паспяхова працуе калектыў “Белрыбы” ў бягучым годзе, нягледзячы на складанасці, звязаныя з сусветным фінансава-эканамічным крызісам, — адзначыў Эдвард Браніслававіч. — Работнікамі прадпрыемства ў краіну завозіцца шырокі асартымент добрай прадукцыі, і аб’ёмы ўласнай вытворчасці сёлета тут павялічыліся ў 5 разоў. Да таго ж пашыраецца фірменны гандаль, які дае магчымасць прадпрыемству нарошчваць аб’ёмы ўласнай рэалізацыі, і для пакупнікоў ад гэтага несумненная выгада — тут мінімальныя гандлёвыя надбаўкі і няма накрутак розных пасрэднікаў.

Намеснік старшыні Жодзінскага гарвыканкома Аляксандр Ізафатаў падзякаваў кіраўніцтву унітарнага прадпрыемства за тое, што белрыбаўцы ўзялі ў арэнду і непазнавальна пераўтварылі магазін, які раней прыносіў гарадскім уладам пэўныя клопаты. І выказаў упэўненасць, што цяпер гэты магазін будзе забяспечваць гараджан шырокім асартыментам рыбнай прадукцыі і морапрадуктамі.

Мікалай ЧАЛЕЙ, «МП».
Фота аўтара.